Экзультэт - Нэокатэхумэнат HD
Узрадуйцеся ужо хоры анёлаў ў Небе! Узрадуйцеся ужо Божыя слугі! Няхай званы абвяшчаюць збаўленьне, Бо на карысьць Вялікага Валадара перамога. Весяліся і зямля, апрамененая ўзьнёслым бляскам! Дзівосны бляск-зара расьсеяў цемру і змрок, Цемру і змрок гэтага сьвету. Узрадуйся Касьцёле, наша Маці, аздоблены зьзяньнем іскрыстага сьвятла! І няхай гучным сьпевам напоўніцца гэтая Сьвятыня. Сапраўды годна і справядліва усім сэрцам, розумам і пабожным сьпевам Праслаўляць Нябеснага Бога Айца Ўсемагутнага і Сына Яго Адзінароднага Езуса Хрыста. Ён справядліва Айцу заплаціў за доўг Адама і сваёю Крывёю, пралітай для Любові, зьнішчыў запіс старадаўняй віны. Гэта і ёсьць тыя Пасхальныя Сьвяты, Падчас якіх забіваюць сапраўднае Ягнятка. Гэта тая ноч, у якую Ты вывеў з Егіпту нашых праайцоў сыноў Ізраілевых. Гэта тая ноч, якая сьвятлом вогненнага слупа грахоў расьсеяла цемру. Гэта тая ноч, якая вызваляе ад даўніх правінаў і змроку граху. Гэта тая ноч, у якую Хрыстус, разарваўшы путы сьмерці, Пераможцам выходзіць з падземных нетраў. О якая ж дзівосная для нас Твая Ласка! О якая ж невымоўная Твая Любоў! Каб адкупіць слугаў Та аддаў Сына. О сапраўды абавязковы быў грэх Адама, Бо яго згладзіла сьмерць Хрыста. О шчасьлівая віна, якую зьнішчыў такі Вялікі Адкупіцель! Шчасьлівая віна! Сьвятасьць гэтай ночы праганяе зло, змывае правіны і вяртае ласку упаўшым, а засмучаным радасьць. О сапраўды благаслаўлёная ноч, у якую злучаецца зямное з Нябесным, А справы Боскія з людзкімі. Гэта тая ноч, у якую Хрыстус разарваўшы путы сьмерці Пераможцам выходзіць з падземных нетраў. У гэту ноч поўную ласкі прымі, Сьвяты Ойча, вечаровую ахвяру праслаўленьня, Якую Табе складае Сьвяты Касьцёл, Урачыста ахвяруючы рукамі сваіх слугаў гэтую сьвечку, Плён працы пчалінага рою. Таму просім Цябе, Пане, каб сьветач, што на хвалу Імя Твайго ахвяраваны нястомна палымнеў, расьсейваючы цемру гэтай ночы. І прыняты Табою, як прыемны водар Няхай злучыцца са сьвятлом нябесным, Няхай жа ён палымнее аж да сьвітаньня, Пакуль не ўзыдзе Сапраўднае Сонца – Езус Хрыстус Твой Сын Змёртвыхпаўсталы, Які асьвяціў род людзкі сваёю яснасьцю І з Табой жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн! Амэн! Амэн!