Янка Купала 1926 - акоў паломаных жандар - беларускi верш
Акоў паломаных жандар, Сліўнем зарыўшыся ў нарў, Сядзіць расейскі чынадрал, «Слуга оцечаству, цару». Ён сніць былую моц і шыр: Цары, царыцы, цэрквы, трон, Пагромы, катаргі, Сібір... О, Русь, прымі раба паклон! Табе такой служыць па гроб Ня кіну я, і «расцярзаць» Ня дам дзяржаўнасці «оплот», Цябе, «единую», о, маць! Здарма ж двуглавы твой арол Праз векі ў кіпцюрах трымаў Мільёны ўбогіх хат і сёл, Рабоў мільёны?.. Нездарма! У твой ланцуг былі, о Русь, Уплецены з усіх бакоў Украйна, Польшча, Беларусь і сотня іншых «языкоў». Цяпер, што бачу я кругом? Пасад маўклівы збуран скрозь... Рэспублікі!? Ды з «языком» З іх лезе кожная ўсур’ёз. А ты, о рускі мой «язык»! Мой «общарускі», што з табой? Табе слухмян быў мал, вялік, Быў славен ты сваёй кляцьбой. Табой сам самадзержац цар Пісаў ланцужны свой закон, Што маці-Русь есі жандар Усёй Эўропы!.. і свой сон Сніць далей гэты царадвор, Калі надыдзе яму дзень, ізноў пад лёзгат царскіх шпор Свой распасцерці чорны цень. Ён, гэты скінуты сатрап, Ня знае, што ў свабодзе жыць; Яму дай вісельню, дый каб На ёй «языкі» ўсе ўшчаміць. Не па нутру, як смерць, яму, Што беларускае дзіцё Бяжыць у сцюжную зіму У школку пазнаваць жыццё. Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх, Напоўадзеты вёскі сын, У роднай мове ўчыцца змог?.. О, стыдна, рускі «гражданін»! Язык твой царскі ён табе Ня выража, спакойны будзь! Цябе тваім жа у кляцьбе Ён не забудзе памянуць. Былых ня выклічаш вякоў і ты, Масквы кароннай гразь, Парваных ня скуеш акоў, З якой брахнёю ня вылазь! 1926 Чытаць цалкам: http://vershy.ru/content/akou-paloman...