Тэлевыступ Алены Талстой, кандыдаткі ад БНФ па Паўднёва-Заходняй акрузе №99 HD
У сваім тэлезвароце да выбаршчыкаў кандыдатка ў дэпутаты ад Партыі БНФ па Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе №99 Алена Талстая зьявілася на экране зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яна казала пра пагрозу «паглынаньня Беларусі Расеяй у выніку кулюарных дамоваў паміж Пуціным і Лукашэнкам». Паводле кандыдаткі, любыя вайсковыя дамовы з Расеяй «ёсьць злачынствам, бо яны зноў могуць прынесьці вайну на нашую зямлю». Алена Талстая казала пра тое, што беларусы масава зьяжджаюць за мяжу. «Нездарма БНФ у 90-я гады выносіў на вуліцы Менску лёзунг: «Саюз з Расеяй — вайна і галеча». Алена Талстая выказала спадзяваньне, што прыйдзе час, калі ў беларускі парлямэнт змогуць вольна абірацца такія беларускія палітыкі, як Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімер Някляеў, Валер Бычкоўскі, Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Ірына Халіп «і нават Зянон Пазьняк». Свой выступ яна скончыла словамі «Жыве Беларусь!».