Нас мiльёны

19.09.2020
Цярплівасць самага цярплівага і мірнага народа скончылася. Боль, раз’ятранасць, страх, бездапаможнасць... Гонар, надзея, салідарнасць, годнасць, вера і адчуванне ўнутранай свабоды... З сумесі такіх розных пачуццяў паўстаў тэкст гэтай песні. Мы хочам, каб яна стала гімнам нашай барацьбы. Няхай гэтая песня падтрымлівае і натхняе тых, хто штодня выходзіць на вуліцы і плошчы. Няхай гэтая песня не дае забыць пра тых, хто ў мірны час стаўся ахвяраю злачыннай сістэмы. Няхай гэтая песня разбудзіць тых, хто ўсё яшчэ мяркуе, што ягоная хата збоку. Няхай гэтая песня распавядзе ўсім, каму яшчэ няўцям, што насамрэч адбываецца на зямлі пад белымі крыламі – у Беларусі, краіне ў цэнтры Еўропы. Няхай жа стане гэтая песня песняю нашай перамогі! Сёння мы пішам гісторыю. І нам вельмі патрэбныя спагада і падтрымка! Слухайце, стаўце падабайкі, дзяліцеся з сябрамі і знаёмымі, спявайце нашую песню! Уключайце гэтую песню ў машынах, на вуліцах і на акцыях! Мы заахвочваем перакладаць яе на мовы свету, рабіць каверы і дасылаць іх нам. Найлепшыя варыянты будуць размешчаныя на гэтым канале! Шаноўныя журналісты і блогеры! Давайце зробім гэтую песню віруснаю! Дзяліцеся спасылкаю на наш канал са сваёю аўдыторыяй! Хай сугучча нашых галасоў штохвіліны робіцца мацнейшым і галаснейшым! Памятайма: нас – мільёны! Песня – не куля: мы бяззбройныя, і мы пераможам мірным шляхам! Мы мары не кінем! Хлусню, злыбяду І няволю адрынем! Музыка: Кцiтарёў Андрэй Тэкст Ты краў галасы, ды зямля не стрывала – Жывымі і мёртвымі згодна паўстала Злачынцу прагнаць, што не знае законаў, Мяхлярствам ганебным зняволіў мільёны. Мільёны. Нас б’юць, а мы ў неба Адважна сягаем, І сцяг, нібы крылы, Зямлю ахінае. Нас б’юць, а мы голас Да зор уздымаем, І спеў пра свабоду Над краем лунае! Народзе цярплівы, досць гэтай прыблуды! Паўстань, нібы мур, перад тварам аблуды! Мы – мірныя людзі, збярэмся ў калоны, На плошчы і вуліцы Рушаць мільёны! Легіёны! Нас б’юць, а мы ў неба Адважна сягаем, І сцяг, нібы крылы, Зямлю ахінае. Нас б’юць, а мы голас Да зор уздымаем, І спеў пра свабоду Над краем лунае! За годнасць бой, за прышласць народу! Адрынем кайданы, каб вырваць свабоду, Здабыць каб Свабоду. Ты краў галасы, ды зямля не стрывала – Жывымі і мёртвымі згодна паўстала Злачынцу прагнаць, што не знае законаў, Мяхлярствам ганебным зняволіў мільёны. Мільёны. Нас б’юць, а мы ў неба Адважна сягаем, І сцяг, нібы крылы, Зямлю ахінае. Нас б’юць, а мы голас Да зор уздымаем, І спеў пра свабоду Над краем лунае!

Похожие видео

Показать еще