Свінка Пэпа загаварыла голасам Ганны Хітрык — Белсат

14.04.2015
Знакамітая свінка Пэпа і ейная вясёлая сямейка, магчыма, стануць беларускамоўнымі! У гэтай студыі акторы агучваюць першыя эпізоды мультфільму. Запоўніць нястачу беларускамоўных мульцікаў для самых маленькіх узяўся праект «Кінаконг», які даўно агучвае фільмы па-беларуску. На роднай мове сям’я свінак загаварыла ды зарохкала галасамі актораў Ганны Хітрык і Уладзіміра Глотава. Пакуль у сеціве з’явіліся два пілотныя выданні мультсерыялу, якія адразу ж займелі 15 тысяч праглядаў. Але для таго, каб на беларускай мове загучаў увесь першы сезон «Свінкі Пэпы», неабходныя грошы, таму на сайце «Talaka.by» абвесцілі збор ахвяраванняў. http://www.talaka.by/projects/651/campaign ГАННА ХІТРЫК, АКТОРКА: «Мы з маім сынам Сцёпкам – дарэчы, гэта ягоная цацка, я яе сёння прынесла – кожны дзень глядзім гэты мульт». УЛАДЗІМІР ГЛОТАЎ, АКТОР: «Вельмі крута, калі гэтыя героі размаўляюць па-беларуску, і маім дзеткам таксама гэта падабаецца. У мяне дзве дачкі, і яны вельмі любяць Пэпу па-беларуску». Брытанскі мультфільм «Свінка Пэпа» вельмі папулярны сярод дзяцей і бацькоў па ўсім свеце, яго паказвалі праз тэлеканалы больш як 180-ці краінаў. Для беларускага перакладу мульцік абралі паводле інтэрнэт-апытання. Зразумела, арганізатары мусілі паклапаціцца наконт аўтарскіх правоў: АНДРЭЙ КІМ, КІРАЎНІК ПРАЕКТУ: «Праваўладальнік «Свінкі Пэпы» дазваляе распаўсюджваць гэты мультсерыял праз «YouTube» з умоваю, што ўся манетызацыя, то бок усе грошы ад прагляду, пойдуць яму. І нас гэта задавальняе». А для далейшае працы над мультфільмам пакуль сабралі траціну неабходнай сумы. «Кінаконг» заклікае далучацца ўсіх бацькоў, якія хочуць, каб дзеці вучылі першыя словы з любімаю свінкаю па-беларуску.

Похожие видео